“– Важнай роляй пісьменніка лічу выхаванне дзіцяці. Таму ў кожнай маёй казцы разам з прыгодамі, забавамі і весялосцю неўпрыкмет на прыкладах розных герояў нагадваю аб галоўных каштоўнасцях, што хочацца закласці ў падмурак асобы. Гэта дабрыня, міласэрнасць, шчырасць, узаемадапамога і іншыя. Імкнуся, каб падчас чытання дзеці разважалі над сітуацыямі, учынкамі герояў і самастойна рабілі высновы. Гэта самы дзейсны спосаб накіраваць юнага чытача. Яшчэ вельмі важнай задачай лічу адкрыць для хлопчыкаў і дзяўчынак дзівосны свет Кнігі, зацікавіць чытаннем.”
К.Хадасевіч — Лісавая
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Прыгоды лісачкі Красуні : [казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак В. Шпакоўская]. — Мінск : Звязда, 2021. — 174, [1] с.. — (Казкі кніжнай феі).
Абаяльная і вясёлая гераіня казачнай аповесці лісачка Красуня перасялілася ў Дзівосны лес з мегаполіса. Яе гарадское мінулае мае таямніцу, якую яна не спяшаецца адкрываць… На новым месцы лісічка шукае і знаходзіць сяброў. Разам з абаяльнымі казачнымі героямі чытач перажыве захапляльныя прыгоды, нечаканыя падзеі, страшныя здарэнні і нават разблытае сапраўдную дэтэктыўную гісторыю.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Новыя прыгоды лісачкі Красуні : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак Д. Бецун]. — Мінск : Звязда, 2023. — 179, [3] с.. — (Казкі Кніжнай феі).
Галоўная гераіня кнігі – вясёлая і цікаўная лісачка Красуня. Раней яна жыла ў мегаполісе, а потым малечы пашанцавала вырвацца з тлуму вялікага горада і пасяліцца ў Дзівосным лесе, дзе яе выхавацелем стаў вялікі, моцны і добры мядзведзь Буры. Красуня знайшла сярод лясной дзятвы шмат сяброў, якім з гэтай мілай фантазёркай сумаваць ніколі не даводзіцца! Пра вясёлыя прыгоды, цікавыя забавы, неверагодныя здарэнні і дэтэктыўныя гісторыі і раскажа гэта кніга. Лісачка запрашае чытачоў у Дзівосны лес! Уваход – пад вокладкай!
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Лісачка Красуня і сапраўдны герой : казка / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак Д. Бецун]. — Мінск : Звязда, 2024. — 46, [1] с.. — (Казкі Кніжнай феі).
Абаяльная і вясёлая лісачка Красуня проста прыцягвае да сябе розныя прыгоды! У гэтай гісторыі разам з прыгодамі прыцягнуўся… сусветна вядомы вандроўнік, адважны падарожнік, галантны кавалер па імені Лухташ. Сваю ўвагу ён дзеліць між трыма сяброўкамі: асыпае лясных паненак кампліментамі, прысвячае песні і дорыць незвычайны падарунак. І ўсё цудоўна і прыгожа, але…
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара; Жахліўчык пра жудасную ноч і чатырох сябровак : [казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак В. Шпакоўская]. — Мінск : Звязда, 2020. — 31, [2], 29, [2] с., сустрэчнай пагінацыі. — (Казкі кніжнай феі).
Кніга-перакрутка распавядзе чытачам дзве страшныя гісторыі.
Адна з іх здарылася з хлапчуковым хаўрусам, а другая — з кампаніяй дзяўчынак. 3 хлопчыкамі адбыліся містычныя падзеі ў час адпачынку летам у вёсцы. I папярэджвалі ж мясцовыя жыхары, што небяспечна спрабаваць даведацца таямніцу, якую хавае ад людзей старажытны курган… Але калі цікаўнасць пераважае над асцярожнасцю, то пачынаюцца прыгоды, ад якіх пераймае дух і замірае сэрца!
А што бывае, калі чатыры сяброўкі застаюцца начаваць у кватэры без дарослых? Дзяўчынкі могуць весяліцца, зладзіць вечарынку, не спаць паўночы. Усё так, але ў той гісторыі няўрымслівыя паненкі выпадкова сустрэліся з загадкавай асобай, якая пасля поўначы нагнала на іх сапраўдны жах, бо яна была… Аб усіх падрабязнасцях можна даведацца, прачытаўшы кнігу. Калі толькі вы не з баязлівых, сябры.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік : фантастычнае апавяданне / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак В. Лапіна]. — Мінск : Звязда, 2023. — 21, [3] с.. — (Казкі Кніжнай феі).
Сябры! Вас чакае цудоўная фантастычна-прыгодніцкая гісторыя дзяўчынкі Улады з Зямлі і хлопчыка Вухуціка з далёкай таямнічай планеты Вухуціі, якія сустрэліся і пасябравалі. А для сапраўднага сяброўства, як вядома, не існуе адлегласцей і перашкод, а таксама вандрульня, у якую вы зможаце гуляць разам.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік. Міжпланетны ваяж : кніга-тэлепорт / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; мастак Іна Марозава. — Мінск : Звязда, 2025. — 52, [3] с.. — (Казкі Кніжнай феі).
Тэлепорт існуе! Гэта кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Вухуцік. Міжпланетны ваяж»! Адпраўляйцеся ў міжпланетнае падарожжа, сябры! Вас чакае цудоўная касмічная вандроўка і фантастычна-прыгодніцкая гісторыя пра дзяўчынку з Зямлі і іншапланетніка з таямнічай Вухуціі. Вы здзейсніце палёт на далёкую планету! Якая яна? Хто там жыве? Што адбываецца? Цікавае ці небяспечнае падарожжа атрымаецца ў галоўнай гераіні ічытачоў кнігі, якія разам тэлепартуюцца на загадкавую планету?
Яшчэ больш цікавых кніг
вы зможаце знайсці на бібліятэчных палічках
па адрасу: г. Астравец, вул. Караткевіч. 5.
Да новых цёплых сустрэч!
